ГА́НГУЦКІ БОЙ 1714,
баявыя дзеянні на Балт. моры каля п-ва Гангут (цяпер Ханка) паміж рас. і швед. флатамі 7.8.1714 у Паўночную вайну 1700—21. Летам 1714 рас. вёславы (галерны) флот (99 галер і скампавей, 15 тыс. чал. дэсанта) пад камандаваннем ген.-адм. Ф.М.Апраксіна, накіраваны з Кранштата для ўзмацнення гарнізона ў г. Аба (сучасны Турку, Фінляндыя), сустрэў каля ўсх. ўзбярэжжа Гангута швед. флот (15 лінейных і 2 бамбардзірскія караблі, 3 фрэгаты, атрад вёславых суднаў) на чале з віцэ-адм. Г.Ватрангам. Бакі занялі баявыя пазіцыі. 7 жн. рас. авангард з 23 скампавей (усяго каля 3500 чал., 160 гармат) на чале з ген.-лейт. А.А.Вейдэ (фактычна кіраваў Пётр І) каля 15 гадз атакаваў атрад швед. контр-адм. Н.Эрэншэльда (1 фрэгат, 6 галер і 3 шхерботы; каля 900 чал., 116 гармат) і ў выніку жорсткага абардажнага бою авалодаў швед. караблямі. 8 жн. эскадра Ватранга пакінула Гангут і пайшла да Аландскіх а-воў. Шведы страцілі 10 караблёў, 711 чал. забітымі і параненымі, 237 палоннымі (у т. л. Эрэншэльд), расіяне — 1 галеру і 456 чалавек. Гангуцкі. бой быў першай буйной перамогай маладога рас. флоту. Усе яго ўдзельнікі ўзнаг. спец. медалямі, цар атрымаў званне віцэ-адмірала. У гонар рас. маракоў, што загінулі, у 1871 у Рылакс-фіёрдзе пастаўлены помнік.
Літ.:
Филимошин М. Первая победа русского регулярного флота // Военно-ист. журн. 1984. № 8.
У.Я.Калаткоў.
т. 5, с. 21
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)